Intro Jagody
Група «CherryVata». (p) 2004, «Gizmo Lab Records».Я невялікі знаўца й аматар сучасных кампутарных «дабаў», «міксаў» і падобных «дрын-н-пэйсаў». Наколькі ўдалося даведацца, група гэтая складаецца з трох чалавек, якія хаваюцца пад гучнымі юнацка-фірмовымі псэўданімамі — Хайнц Трой, Дзіямас Рол і Вера Фэйт. Ролі разьмеркаваныя гэтак: Вера сьпявае, а далей адзін музыка (хіба Трой) выступае як гітарыст, другі ж у патрэбны момант націскае на тую ці іншую «гарачую» кнопку кампутара, у якім знаходзяцца раней запісаныя падложкі ўсіх трэкаў з тымі самымі «дабамі», «міксамі» і ўсім іншым, што яны называюць музыкай. Вядома, што дыск гэты музыкі лічаць нечым накшталт дэма, папярэднікам нечага куды больш манумэнтальнага й глябальнага, што яны плянуюць запісаць і выдаць яшчэ сёлета.
Я ўсё ж люблю музыку жывую. Бо кампутар — гэткае стварэньне, якое, як і жанчыну, разгадаць адразу немагчыма. Таму, слухаючы гэтыя запісы, цяжка здагадацца, што зроблена рукамі і мазгамі чалавека, а што зьляпілі кампутарныя праграмы ды розныя «Intel»ектуальныя чыпы. Інакш кажучы, дзе тут уласна творчасьць, а дзе — тэхналёгія. І чым «чреваты» прагрэс для стварэньня музыкі.
Што да гэтага ўзору прагрэсу, дык ён, прынамсі, не выклікае жаданьня скінуць з апошняга паверху дарагі як памяць кампутар 486-DX і назаўсёды разьвітацца зь мінулым рок-н-ролу. Тут ёсьць нават прыемныя моманты, галоўны зь якіх — голас Веры. Голас зь вельмі цікавымі і рэдкімі тэмбрамі, выразны і глыбокі. Хіба што ня надта трэніраваны. Але ён запамінаецца. Каманда гэтая ўжо паказвалася пару разоў у менскіх клюбах на спэцыфічных электронных сэйшэнах, хоць, на маю думку, яна ня надта ўпісваецца менавіта ў электронную тусоўку. Гэта, хутчэй, адна з разнавіднасьцяў (пакуль?) андэрграўнднага, амаль хатняга музыкаваньня, якое можа выйсьці на новы якасны ўзровень, а можа аказацца ўсяго толькі часовым экспэрымэнтам. Там, ведаеце, можа здарыцца замужжа, войска, сям’я, пошук, чым накарміць нашчадкаў. Тут ужо не да міксаў з дабамі.
Так што пачакаем абяцанага на восень.
Шчэры Слухач
Оригинал тут: [ >>>
]